Засваенне дзецьмі беларускай мовы ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дашкольнікаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з’яўляецца руская. У той жа час дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе па радыё, тэлебачанні, ад некаторых дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках.
Аднак паўнавартасная беларускамоўнае асяродзе ў дашкольнікаў адсутнічае. Больш за тое, дзеці могуць карыстацца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх аказваюцца дзеці, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці размаўляць па-беларуску. З іншага боку, стыхійнае авалоданне беларускай мовай прыводзіць да змешвання рускага і беларускага маўлення дзяцей.
Такім чынам, гэта патрабуе спецыфічных падыходаў да навучання дзяцей беларускай мове.
Творы фальклору сваім зместам і формай найлепшым чынам дапамогуць ў гэтым. Паступова яны ўводзяць малога ў стыхію народнага словы, раскрываюць яго багацце і прыгажосць. З’яўляюцца ўзорам прыгажосці мовыі. Народныя казкі, спрыяюць засваенню ўсіх формаў мовы, якія даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей ўласных моўных навыкаў.
Зараз дадзеная праблема становіцца яшчэ больш актуальнай. Недахоп часу ў бацькоў, адсутнасць актывізацыі беларускай мовы з боку бацькоў – прыводзіць да праблем развіцця маўлення дзяцей. На жаль, дзіця больш часу праводзіць за кампутарам, чым у жывым асяроддзі. З прычыны гэтага, творы народнай творчасці практычна не выкарыстоўваюцца нават ў малодшым узросце. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення дзецьмі гутарковага мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнай, лексічнай, граматычнай. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з’яўляецца неабходнай умовай для разумовага, эстэтычнага, маральнага выхавання дзяцей. Чым раней дзеці чуюць беларускую мову, тым вальней яны будуць карыстацца ей ў далейшым.
Але жыццё ў рэчышчы народнай культуры не можа быць навязана бацькам. Яно можа быць толькі вынікам натуральнага выбару кожнага чалавека, які бачыць менавіта ў гэтым карысць для дзяцей і адчувае пульс роднай культуры ў самім сабе.. Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць тата і мама, бабуля ці дзядуля, ці добрая выхавацелька, калі бацькоў няма побач — гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выражэнне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народу.Усё гэта ёсць у казках.
Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі — гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям.
Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Вашая ўвага, Вашыя абдымкі, Вашая сіла і абарона, Вашая пяшчота і клопат вельмі патрэбныя Вашым дзецям.
Казкі — гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Вашае дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму. Размаўляйце, чытайце казкі сваім дзецям на беларускаяй мове. А мы вам у гэтым дапапожам.
«Каза-манюка»
(сярэдняя і старэйшая група)
Жылі дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?
Кажа каза:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…
Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.
Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.
Дзед зноў пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?
Каза кажа:
—Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…
Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.
Прыйшла каза на двор. Дзед пытаецца:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…
Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.
Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.
Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.
— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.
Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:
— Гай, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа не плакаць, як не журыцца?
I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.
— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.
Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:
— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець… Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?
I расказаў зайчык пра сваю бяду.
— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюха…
Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:
— Кукарэку! Кукарэку!
Заб’ю казу-недарэку!
Пачула каза ды як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:
— Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй ты з хаткі.
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе…
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі. А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.
Сынок – з – кулачок
Жылі дзед і баба. І быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Ня большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок.
Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.
Баба згатавала абед ды кажа да сына:
— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісьці.
А сынок падхрабрыўся і кажа:
— Давай, мама, занясу абед.
— Дзе табе данесьці яго? — ня верыць маці.
— Данясу!
Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.
Едзе сабе і песенькі сьпявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку:
— Тата, я табе абед прывёз!
Убачыў яго бацька, зарадаваўся:
— Малайчына, сынок!
Сеў ён абедаць, а сын кажа:
— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду.
— Як жа ты будзеш араць?
— А паглядзіш, — кажа сын.
Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня:
— Но, сівы-буры!
І пачаў араць.
Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва.
— Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан.
— Не, пане, не прадам: гэта мой сынок.
А пан прычапіўся, як смала: прадай ды прадай!
— Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай.
Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму:
— Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку…
Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата.
Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. “Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэдакага ні ў кога няма. Няхай зайздросьцяць усе паны!”
Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез зь яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым.
Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес.
Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблукаў.
А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача.
Ні адсюль, ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго.
Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:
— Гэй, воўк, нясі мяне дахаты!
— Не панясу, — кажа воўк.
— Нябось, панясеш, як надакучу табе.
— Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак.
Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата:
— Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца!
Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго.
Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку:
— Вылазь вон!
— Не, ня вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому.
— Не панясу! — злуецца воўк.
Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык усё сваё права правіць:
— Нясі мяне дадому!
Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому.
Прынёс да двара і кажа:
— Вылазь. Вунь твая хата.
— Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор.
Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць:
— Вылазь!
— Не, нясі ў сенцы.
Прынёс воўк яго ў сенцы.
Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць:
— Тата, хадзі ваўка біць!
Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся.
Тут і казка ўся.
Лёгкі хлеб
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, разьвязаў і пачаў есьці.
Выйшаў з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есьць. Падыйшоў да яго воўк:
— Ты што ясі, чалавеча?
— Хлеб, — адказвае касец.
— А ён смачны?
— Дзіва што смачны!
— Дай мне пакаштаваць.
— Калі ласка!
Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку.
Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа:
— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есьці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча!
— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць.
І пачаў ён вучыць ваўка:
— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць…
— Тады і хлеб будзе?
— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць…
— І можна хлеб есьці? — замахаў воўк хвастом.
— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць…
— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк.
— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасьце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым сьпець…
— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю!
— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку сьпелае жыта трэба зжаць, потым у снапы зьвязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток…
— І есьці хлеб буду?
— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезьці, ды мукі намалоць…
— І ўсё?
— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць.
— І сьпячэцца хлеб?
— Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку.
Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць.
— Ну што ж, — кажа касец, — калі ня хочаш цяжкі хлеб есьці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца.
Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня:
— Конь, конь! Я цябе з’ем.
— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.
— І то праўда, — згадзіўся воўк.
Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы…
Перакуліўся воўк ды ходу.
Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. “Ці ня з’есьці мне іх?” — думае, потым і кажа:
— Гусі, гусі! Я вас з’ем.
— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад сьмерцю.
— Якую? — пытаецца воўк.
— Пасьпявай нам, а мы паслухаем.
— Гэта можна. Сьпяваць я — мастак.
Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыльлямі — мах, мах! Узьняліся й паляцелі.
Зьлез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым.
Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: “Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся сьпяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з’ем!”
Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воў падбег да яго:
— Дзед, дзед! Я цябе з’ем!
— Чаго так сьпяшацца! — кажа дзед. — Давай сьпярша табакі панюхаем.
— А смачная яна?
— Паспытай, дык будзеш ведаць.
— Давай!
Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў.
Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес… Нічога ад сьлёз ня бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку ня вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і сьлед прастыў.
Пайшоў воўк далей.
Ідзе ён і бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух сьпіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа:
— Баран, баран! Я цябе з’ем.
— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзьбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот.
— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім.
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, сьвету ён ня ўбачыў.
Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае:
— Цікава: з’еў я яго ці не?
А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты.
Пачуў ён воўкавы словы і кажа:
— З’есьці ня з’еў, але паспытаў лёгкага хлеба.